БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ
(British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
т. 3, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)